?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні пост | Наступны пост

Адной кастрычніцкай, яшчэ па восеньскі, а не па зімоваму, халоднай ноччу я са спадарожніцай выправіўся ў Мінск. Па прыбыцці мы нахабна пакінулі машыну з шостым рэгіёнам на нумары ў адным з шчыльназапаркаваных сталічных двароў пад назіранне майго сябра і калегі, за што яму асобна вялікі дзякуй і селі ў аўтобус на аўтавакзале "Цэнтральны" "Мінск - Калінінград". Надзіва хутка прайшоўшы мытню, ужо праз тры з паловай гадзіны мы выйшлі на цэнтральным аўтавакзале Вільні і тут я выдыхнуў: "Нарэшце! Трэцяя спроба дабрацца да Вільні апынулася паспяховай!"

Вільня.jpg

Падрыхтоўку да гэтай паездкі я пачаў прыкладна за месяц: забраніраваў гатэль, купіў квіткі на аўтобус у абодва бакі і набыў страхоўкі (Шэнген ў нас яшчэ быў актыўны італьянскі). Можа для кагосьці гэтая падрыхтоўка штодзённасць і адбываецца непасрэдна, але я гэтым займаўся ўпершыню. Высветлілася, у гэтым няма нічога складанага - забраніраваць гатэль і набыць квіткі праз інтэрнэт зручна, лёгка і проста. Парадавалі і кошты: аўтобус - 9,5 € за чалавека ў адзін бок; гатэль - 40 € за суткі (я абраў далёка не самы бюджэтны варыянт - двухмесны нумар з асобным санвузлом і кухняй ў хостэле ў "старым горадзе" побач з паркавай зонай); страхоўка на чалавека на 3 дні - 3 €, усяго: 124 €.

З аўтавакзала мы адразу, вядома ж, накіраваліся да "Вострай брамы". Гэта адзіная захаваная гарадская крапасная брама XVI стагоддзя.

Вострая брама.jpg

Вострая брама - галоўны ўваход у стары горад, пачатак Вільні і адзін з яе сімвалаў. З адваротнага боку прыбудавана капліца ў якой знаходзіцца арыгінал цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай - гэта адзін з самых ушанаваных вобразаў сярод хрысціян Беларусі, Польшчы і Летувы.

Вострая брама.jpg

Брама апетая многімі вядомымі паэтамі як святыня не толькі рэлігійная, але і як духоўная, як нацыянальны сімвал увасоблены ў камені.

Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, -
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў на грозных канях...

Максім Багдановіч "Пагоня" 1916 г.

Ад Вострай брамы пачынаецца аднайменная вуліца і практычна адразу справа мы заўважаем барачны храм - касцёл св. Тэрэзы XVII-XVIII стст.

Касцел св. Тэрэзы.jpg

Перад галоўным фасадам (на фота - злева) відаць маленькую браму. За ёй падворак праваслаўнага манастыра маскоўскага патрыярхату з царквой Святога Духа XVII стагоддзя.

Царква Святога Духа.jpg

Пасля агляду мы рушылі па вуліцы далей.

Забудова старой Вільні.jpg

Недалёка знаходзіцца самая прыгожая на думку большасці брама Вільні - брама манастыра базыльянаў 1761 года пабудовы.

Базыльянская Брама.jpg

За гэтым пышным, раскошным уваходам хаваецца царква Святой Тройцы XVI стагоддзя, але на жаль, з-за будаўнічай тэхнікі мы не трапілі ў двор манастыра і пайшлі далей.

Забудова старой Вільні.jpg

Крыху ніжэй па вуліцы выйшлі на вялікую плошчу з усходняга боку якой знаходзіцца вялізны барачны храм - касцёл Святога Казіміра пачатку XVII стагоддзя.

Касцёл Святога Казіміра.jpg

А з паўднёвай - гарадская ратуша канца XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму.

Ратуша.jpg

З плошчы мы згарнулі на маленькую вулачку.

Забудова старой Вільні.jpg

Сюды я пайшоў каб пераканацца самому, што не ўся старая Вільня выглядае так бездакорна і зірнуць на абшарпаны і закінуты касцёл Маці Божай Суцяшэння пабудовы XVIII стагоддзя.

Касцёл Маці Божай Суцяшэння.jpg

Рухаючыся далей па заблытаных вулачках да рэчкі "Вільня", мы выйшлі да Успенскага сабору. Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне XIV стагоддзя па вобразу Кіеўскага Сафійскага сабора. На працягу свайго існавання мноства разоў руйнаваўся і перабудоўваўся, апошні раз - у сярэдзіне XIX стагоддзя. Асабіста мне вынік той перабудовы, які захаваўся і па гэты дзень, нагадвае стыль сярэднявечных храмаў Грузіі.

Успенскі сабор.jpg

Галоўны фасад сабора хаваўся за густымі кронамі дрэў, таму інфарматыўней за ўсё было адлюстраваць храм з паўночнага боку.
Недалёка ад сабора знаходзіцца гатычны касцёл Святых Францыска і Бэрнардына XV-XVI стст.

Касцёл Святых Францыска і Бэрнардына.jpg

Звярніце ўвагу на вежачкі па кутах апошніх двух вышэйзгаданых храмаў - гэта ўнікальная цікавая дэталь, як я ўжо пісаў у папярэднім рэпартажы, характэрна для сярэднявечных храмаў абароннага тыпу на тэрыторыі ВКЛ.
Адразу перад бернардынскім касцёлам запусціў у неба свае гатычныя вежкі касцёл Святой Ганны - несумненна найпрыгажэйшы храм Вільні.

Касцел Святой Ганны.jpg

Касцёл быў пабудаваны ў XV стагоддзі майстрам, імя якога невядома і дагэтуль. Храм часта руйнаваўся і перабудоўваўся, у XIX стагоддзі побач была ўзведзена разбураная раней званіца, але адно заставалася нязменным - галоўны фасад.

Касцел Святой Ганны.jpg

Мне цяжка сабе ўявіць: як у Вялікім Княстве Літоўскім, у XV стагоддзі, калі формы мясцовай готыкі былі грубы і неачэсаны, хтосьці змог пабудаваць тут нешта гэтак вытанчанае і грацыёзнае...

Касцел Святой Ганны.jpg

Костел св. Анны в Вильне

Чтоб заживить на сердце раны,
Чтоб освежить усталый ум,
Придите в Вильну к храму Анны,
Там исчезает горечь дум.

Изломом строгим в небе ясном
Встаёт, как вырезной, колосс.
О, как легко в порыве страстном
Он башенки свои вознёс.

А острия их так высоко,
Так тонко в глубь небес идут,
Что миг один, и — видит око —
Они средь сини ввысь плывут.

Как будто с грубою землёю
Простясь, чтоб в небе потонуть,
Храм стройный лёгкою стопою
В лазури пролагает путь.

Глядишь — и тихнут сердца раны,
Нисходит мир в усталый ум.
Придите в Вильну к храму Анны!
Там исчезает горечь дум.

Максім Багдановіч 1911-1912 гг.

Пасля шматлікіх перабудоў у зале храма не захавалася арыгінальных дэталяў, але зайсці ўнутр і зірнуць на нярвюрныя скляпенні варта.

Касцел Святой Ганны. Інтэр'ер.jpg

Праз дарогу ад касцёла Святой Ганны знаходзіцца касцёл Святога Міхаіла Арханела. Храм быў пабудаваны ў кан. XVI - пач. XVII стагоддзяў на сродкі Сапегаў і з'яўляўся іх родавай пахавальняй.

Касцёл Міхаіла Арханёла.jpg

Асабіста для мяне гэты касцёл адметны тым, што ў ім пахаваны Леў Іванавіч Сапега - дзяржаўны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, адзін з найбольш яркіх людзей беларускай гісторыі: дыпламат, мысліцель, зорка першай велічыні на небасхіле айчыннай палітычнай гісторыі.
Пасля няўдалай спробы патрапіць унутр храма мы пайшлі далей па вулачках старой Вільні.

Забудова старой Вільні.jpg

Наступнай славутасцю да якой мы накіраваліся быў Віленскі універсітэт. Да карпусоў мы падышлі адразу, але каб патрапіць у падворкі давялося абыходзіць ўвесь квартал.

Забудова старой Вільні.jpg

Дарэчы, стары горад у Вільні вельмі шырокі і маляўнічы, але ў ім можна сустрэць і будынкі сярэдзіны ХХ стагоддзя ў стылі "прыбалтыйскага канструктывізму", якія неяк рэзка выпадаюць з агульнага віду, але на шчасце іх не так шмат, каб беззваротна сапсаваць выгляд старой забудовы.

Забудова старой Вільні.jpg

Нарэшце, я знайшоў веснічкі праз якія можна трапіць на тэрыторыю універсітэта і не заўважыўшы якіх-небудзь папераджальных шыльдаў (а іх там і не было), і не змяншаючы крок, я ганарліва увайшоў у першы двор і праз пару крокаў за спіной пачуліся крыкі на незнаёмай гаворцы, але з да болю знаёмай інтанацыяй і тут жа ўспомнілася з майго студэнцкага жыцця: "Дзе студжэнчэскі? Без студжэнчэскага не пушчу!". Высветлілася, што перад уваходам з боку ёсць непрыкметнае памяшканне вахцёра-касіра. Ўваходны квіток каштаваў нешта каля 2 €. Разлічыўшыся, я ўсё тым жа упэўненым крокам ізноў увайшоў у двор "Мацея Казіміра Сарбевія".

Віленскі універсітэт двор "Мацея Казіміра Сарбевія".jpg

Як бонус да квіткоў нам дадалі на рукі план універсітэта і пазначылі на ім, што цікавага можна паглядзець, у прыватнасці раілі зірнуць на роспісы на скляпеннях "на другім паверсе, вось тут".

Віленскі універсітэт хол "літуаністыкі".jpg

Як я пазней даведаўся, гэта фрэскі ў холе "літуаністыкі" працы Пятраса Рэпшынса 1976-1985 гг.

Віленскі універсітэт хол "літуаністыкі".jpg

Таксама вахцёр з уздыхам шкадавання паведаміла, што кнігарня і званіца сёння зачынены.

Віленскі універсітэт - першая вышэйшая школа ў Вялікім Княстве Літоўскім, яе заснаваў Стэфан Баторый у 1578 годзе пераўтварыўшы езуіцкі калегіум у акадэмію.
"Візітнай карткай" універсітэта з'яўляецца "Вялікі двор", які з усходняга боку ўпрыгожвае езуіцкі касцёл Святых Янаў, званіца і універсітэцкая аула

Віленскі універсітэт. Вялікі двор. Касцел св. Янаў.jpg

Храм быў пабудаваны ў XV стагоддзі і затым кардынальна перабудаваны ў XVI. У касцёле часта праходзілі ўрачыстыя прыёмы каралёў, святы акадэміі, праводзіліся навуковыя дыспуты і абароны прац.

Віленскі універсітэт. Вялікі двор. Касцел св. Янаў. Інтэр'ер.jpg
Інтэр'ер касцёла.

У XVIII стагоддзі храм зноў быў значна перабудаваны ў выніку чаго атрымаў багаты барачны дэкор.
Зараз у касцёле акрамя імшы таксама праходзяць іматрыкуляцыі студэнтаў, уручэнне дыпломаў і іншыя ўрачыстыя універсітэцкія і грамадскія мерапрыемствы.

Віленскі універсітэт. Вялікі двор. Касцел св. Янаў. Інтэр'ер.jpg
Інтэр'ер касцёла.

Але вернемся ў "Вялікі двор": паўночны, заходні і палову паўднёвага бакоў займаюць навучальныя карпусы.

Віленскі універсітэт. Вялікі двор.jpg

За заходнім корпусам знаходзіцца двор абсерваторыі, у якім можна больш уважліва разгледзець аднайменную вежу, а таксама эркер. Эркер абсерваторыі упрыгожаны па фрызу знакамі задыяку, ніжэй, акрамя іншага, размешчаны эпічны надпіс на лаціне: Haec domus Uraniae est: Curae procul este profanae: Temnitur hic humilis tellus: Hinc itur ad astra («Гэта дом Ураніі. Ідзіце прэч, прафаны! Тут прыніжаюць нікчэмную Зямлю: адсюль падымаюцца да зорак»).

Віленскі універсітэт. Двор абсерваторыі.jpg

Віленскі універсітэт безумоўна можна лічыць і найстарэйшым беларускім ВНУ, ён стаў alma mater для многіх выбітных ураджэнцаў нашай зямлі, сярод якіх: Сімяон Полацкі, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Тэадор Нарбут, Ігнат Дамейка, Напалеон Орда, Валянцін Ваньковіч, Вікенцій Дмахоўскі, Яўстафій Тышкевіч, Фердынанд Рушчыц, Ян Булгак і іншыя (спасылкі даю на тых, каго раней не згадваў у сваіх рэпартажах або згадваў мімаходзь).
Аглядаць іншыя падворкі ў сувязі з меншай цікавасцю да іх і ў мэтах эканоміі часу я не стаў, і мы выправіліся далей.

Побач з комплексам універсітэта знаходзіцца палац генерал-губернатара (цяпер прэзідэнцкі), ён быў пабудаваны практычна зноўку на месцы палаца біскупа ў 1820-х гг.

Прэзідэнцкі палац.jpg

Ад плошчы перад палацам па-над стрэхамі старых дамоў ужо бачна верхавіна званіцы кафедральнага сабора.

Забудова старой Вільні.jpg

У самім "сэрцы" Вільні, на цэнтральнай плошчы, знаходзіцца галоўны храм краіны - кафедральны сабор Святога Станіслава.

Кафедральная плошча.jpg

Побач высіцца званіца пабудаваная ў XVI стагоддзі на гатычнай вежы "Ніжняга замка" (два ніжніх яруса - XIV ст.)
Першы касцёл тут быў узведзены Ягайла ў XIV стагоддзі на месцы паганскага храма. У пачатку XV стагоддзя Вялікі князь Вітаўт кардынальна перабудаваў касцёл і пасля смерці быў у ім пахаваны. Мяркуючы па ўсім, сабор павінен быў стаць пахавальняй Вялікіх князёў, але склалася так, што кожнае стагоддзе храм рабаваўся, гарэў, руйнаваўся, пасля чаго перабудоўваўся згодна з ўплывамі стылю таго часу. Цяперашні выгляд у класіцыстычным стылі касцёл набыў пасля перабудовы другой паловы XVIII стагоддзя.

Кафедральны сабор Святога Станіслава.jpg

Унутры храм вельмі аскетычны і больш нагадвае карцінную галерэю, дарэчы, пры савецкай уладзе ў будынку і была карцінная галерэя.

Кафедральны сабор Святога Станіслава. Інтэр'ер.jpg

Вельмі шкада, што пры наведванні я не ведаў пра магчымасць агляду сутарэнняў сабора, інакш несумненна б туды спусціўся.

У пачатку XXI стагоддзя за саборам, як птушка фенікс адрадзіўся "Палац Кіраўнікоў". З часоў закладкі віленскіх замкаў на гэтым месцы стаяла рэзідэнцыя Вялікага князя, якая рэгулярна перабудоўвалася да спадобы манарха таго часу.

Вялікакняскі палац.jpg
Таксама на кафедральнай плошчы з 1996 года красуецца помнік заснавальніку Вільні - Вялікаму князю Гедыміну. Адметна тое, што гэта адна з нешматлікіх конных статуй, дзе вершнік не на кані, а побач і яшчэ, што "жалезны воўк" з легенды тут не з металу, а з каменя; але гэта не ўсе нюансы: помнік быў спраектаваны амерыканцам летувісскага паходжання і адліты ў Беларусі з канфіскаванай мытнікамі Летувы бронзы, а пастамент - гэта дар урада Украіны.

У 1655 годзе вялікакняскі палац быў разрабаваны войскам расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. Пасля вызвалення горада ў казне Рэчы Паспалітай не знайшлося грошай на аднаўленне рэзідэнцыі - яна прыйшла ў запусценне і гэта прывяло да прагрэсавання разбурэння палаца. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гарадская адміністрацыя прыняла рашэнне аб зносе руін вялікакняскай рэзідэнцыі і да 1801 году ад палаца практычна і каменя на камені не засталося.

Вялікакняскі палац.jpg

Амаль праз дзве сотні гадоў урад Летувы прымае рашэнне аб рэканструкцыі вялікакняскага палаца ў выглядзе "да разбурэння". Будаўнічым працам папярэднічалі працяглае вывучэнне знойдзеных графічных і схематычных выяваў палаца, разгорнутыя археалагічныя даследаванні на працягу амаль паўстагоддзя, аналіз захаваных аналагічных пабудоў (Вавель). Зыходзячы з атрыманых дадзеных палац быў адбудаваны па сучасных тэхналогіях, але візуальна дакладна захоўваючы рысы будынка да разбурэння - паўтараліся нават раннія элементы фасада і прыбудовы якія ўносілі пэўны стылістычны дысбаланс, але пакінутыя старажытным архітэктарам падчас апошняй перабудовы пачатку XVII стагоддзя. Паколькі пра ўнутраны строй дакладна вядома не было, часткова былі адноўлены толькі некаторыя элементы інтэр'еру зыходзячы з матэрыялаў раскопак, тэхнікі таго часу і пераважнага стылю.

Вялікакняскі палац.jpg

Рэканструкцыя "з нуля" комплексу такога аб'ёму страчанага два стагоддзі таму - неардынарны выпадак, тым больш для такой маленькай краіны, як Летува, але большасць незалежных спецыялістаў і крытыкаў станоўча ацэньваюць вынік працы.

На поўнач ад "Палаца Кіраўнікоў" знаходзіцца яшчэ адзін будынак, які ўваходзіць у комплекс "Ніжняга замка" - "Новы Арсенал" XVI-XVII стст.

Новы арсенал.jpg

Цяпер і ў адноўленым вялікакняскім палацы і ў арсенале размешчаны гістарычныя музеі.
Але ўсе гэтыя краявіды для многіх, толькі прадмова да наведвання замкавай гары, увенчанай "Вежай Гедыміна" - вось адкуль сапраўды адкрываецца Вільня!

Вежа Гедыміна.jpg

...а мы на гэтым моманце зрабілі перапынак: вырашылі пайсці ў гатэль, скінуць сумкі і крыху адпачыць, а на гару падняцца ўвечары.

P.S. Шлях да гатэлю пралягаў праз знакаміты мікрараён Вільні "Ужупіс" (бел. Зарэчча).

Анел Ужупіса.jpg

Гэта месца папулярна ў мастакоў і іншых майстроў - многія з іх размясцілі тут свае студыі, майстэрні, галерэі. Ужупіс таму часта параўноўваюць з парыжскім раёнам Манмартр.

Featured Posts from This Journal

Comments

( 5 каментара — Пракаментаваць )
livejournal
Nov. 13th, 2016 09:34 pm (UTC)
Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.
baltarusis
Dec. 27th, 2016 12:19 pm (UTC)
Прыгожая замалёўка! Калі будзеце ў Вільні ўлетку зазірніце на званіцу універсітэта, з яе віды супер, але ж лезці на самы верх трохі жудасна.
ales_matsesha
Dec. 27th, 2016 07:54 pm (UTC)
Дзякуй за водгук!
"...лезці на самы верх трохі жудасна." Чаму?
baltarusis
Dec. 28th, 2016 03:18 am (UTC)
Там есць ліфт, але ён спыняецца на перадапошнім паверсе, далей, на адкрытую пляцоўку трэба лезці па не надта бяспечнай і вузенькай лесвіцы, у якой няма поручняў. Калі маеш цяжкую камеру ў руках, ды торбы адпаведныя, трэба лезці па лесвіцы з мінімальным імпэтам, каб не зваліцца.
ales_matsesha
Dec. 28th, 2016 09:38 am (UTC)
Добра, буду ведаць!
( 5 каментара — Пракаментаваць )

Каляндар

September 2018
S M T W T F S
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30      
Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel