?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні пост | Наступны пост

    У канцы вясны мы неяк нечакана задумаліся над паездкай у Полацк і пасля нядоўгіх разважанняў вырашылі выбрацца на наступны ж дзень.

Полацк.jpg

   З Магілёва мы выехалі рана раніцай і на максімальна магчымай хуткасці накіраваліся па Е95 на поўнач. Пасля, праслізнуўшы міма Віцебска па паўднёвым краі кальцавой, выскачылі на Р151 і сталі рухацца на захад. Па дарозе я вырашыў заскочыць у некалькі вёсак, дзе раней не даводзілася бываць і першай на нашым шляху была "Пабеда".

веска Пабеда.jpg

   У гэтай невялікай вёсцы ацалела праваслаўная царква ў псеўдарускім стылі. І, хоць, храм быў узведзены ў канцы XIX стагоддзя, мае не зусім стандартную форму "мураўеўкі", чым і інтрыгуе.

Пабеда Успенская царква.jpg

   Прастакутны аб'ём пад двухсхільным дахам над уваходам упрыгожаны трыма невялікімі глухімі вежачкамі з цыбуліпадобнымі галоўкамі. Ўнутры царква падзелена на тры нефы, якія заканчваюцца гранёнымі апсідамі.

Пабеда Успенская царква.jpg

   Маляўнічае размяшчэнне храма прыцягвае ўвагу і прымушае прыпыніцца і падзівіцца, але часу не так шмат і мы выправіліся далей.

   Наступным было мястэчка Обаль. Тут захаваўся, на жаль з нядаўняга часу ўжо ў руінах, сядзібны дом роду Грабніцкі.

Обаль сядзібны дом Грабніцкіх.jpg

   Дом быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў формах класіцызму. З 1920 г. у будынку размяшчалася школа, пасля вайны - інтэрнат. У 90-х сядзібны дом моцна пацярпеў пры пажары і з тых часоў стаіць у запусьценьні і працягвае разбурацца.

Обаль сядзібны дом Грабніцкіх.jpg
Па спасылцы сядзібны дом да пажару (унізе старонкі невялікае фота пачатку 90-х)

   Будынак двухпавярховы, прамавугольны ў плане, упрыгожаны паабапал чатырохкалоннымі порцікамі. Дом месціцца на высокай тэрасе тыльным бокам да падножжа, дзе раней быў рэгулярны сядзібны парк. Зараз, скрозь дзікі гушчар, зваротны бок будынка прасочваецца з цяжкасцю.

Обаль сядзібны дом Грабніцкіх.jpg

   І хоць сядзіба ў спісе помнікаў, цяжка паверыць, што калі-небудзь яе прывядуць у парадак.

   Да Полацка ўжо заставалася зусім няшмат і неўзабаве мы дабраліся. Спачатку накіраваліся ў цэнтр паломніцтва №1 у Беларусі - Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.jpg

   Абіцель па праву лічыцца галоўнай духоўнай святыняй Беларусі. Манастыр заснавала вядомая кожнаму беларусу з пачатковых класаў, Еўфрасіння Полацкая. Знакамітая палачанка, быўшы дачкой полацкага князя, у 12 гадоў адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр. Усё жыццё вяла асветніцкую і міратворчую дзейнасць. У 1128 годзе заснавала пад Полацкам Спаскі жаночы манастыр, дзе пад яе апекай быў выбудаваны Спаса-Праабражэнскі храм.

Спаса-Праабражэнская царква.jpg

   Царква Спаса-Праабражэння - найбольш цэласна захаваны храм ранняга перыяду хрысціянства на тэрыторыі сучаснай Беларусі (у Расіі гэты перыяд яшчэ называюць «дамангольскім»).

Такіх цэркваў у рознай ступені захаванасці (не лічачы падмуркі храмаў знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў) у Беларусі засталося 3: Гродзенская Барысаглебская царква (пра яе я раней ужо распавядаў), Дабравешчанская царква ў Віцебску (арыгінальная на вышыню сцен да 5 метраў) і Полацкі храм Спаса-Праабражэння.

   Царква Спаса-Праабражэння была пабудавана ў сярэдзіне XII стагоддзя невядомым архітэктарам, названым у старажытных дакументах «дойлід Іаан». Першапачаткова царква мела выгляд шасціслупнага аднаапсіднага храма, пакрытага падвойным шэрагам трохлопастных арак з візантыйскім купалам на светлавым барабане.
   ...і выглядала прыкладна так:



   Сучасныя даследаванні сцвярджаюць, што Іаан апярэдзіў свой час і ў Полацку ўпершыню былі выкарыстаныя прыёмы ўзмацнення вертыкальнага імкнення пабудовы, якія ў далейшым развіліся ў названую некаторымі навукоўцамі "рускую готыку".

Дарэчы, усе гэтыя элементы нядрэнна захаваліся пад купалам і дахам, пра што сведчаць фота ў канцы гэтага артыкула.

   У XIX стагоддзі храм быў прызнаны старым і яго было вырашана адрэстаўраваць. Менавіта тады вышыню сцен заходняй частцы павялічылі, храм накрылі двухсхільным дахам, а на шлемападобны купал ўсталявалі цыбульны. У выніку, шляхам нязначных надбудоў, агульны стыль царквы кардынальна змяніўся, але ў той жа час без значнага ўрону пабудовы.

Спаса-Праабражэнская царква.jpg

   Шэраг даследчыкаў заклікаюць разабраць надбудовы XIX стагоддзя і вярнуць храму гістарычнае аблічча, але крытыкі гэтага падыходу сцвярджаюць, што якія-небудзь змены могуць аслабіць і так састарэлы мур. І пакуль навукоўцы спрачаліся, у 2007 годзе ў царкве змянілі лёгкі купал драўлянай канструкцыі XIX стагоддзя, на, напэўна, больш цяжкі металічны. На колькі пагібельна замена паўплывала на храм, пакуль дакладных дадзеных няма.

Спаса-Праабражэнская царква.jpg

   Але, несумненна, самым дзіўным і цікавым з'яўляюцца фрэскавыя роспісы ўнутры храма - сапраўдныя творы майстроў XII стагоддзя, цудам захаваныя да нашых дзён. За час свайго існавання царкву ўнутры некалькі разоў распісвалі паверх старых вобразаў, што закансэрвавала самы першы пласт і зберагло яго ў добрым стане. Першыя спробы раскрыць фрэскі прадпрымаліся яшчэ ў 1920-х, але планамерная рэстаўрацыя пачалася ў 1990-х і на сённяшні дзень старажытныя роспісы цалкам адкрыты і практычна ва ўсім аб'ёме даступныя для агляду.
   Храмаў з фрэскамі раннехрысціянскага перыяду на тэрыторыі ўсходняй Еўропы засталося катастрафічна мала, а калі ўлічыць захаваны аб'ём роспісаў, то Спаса-Праабражэнская царква з'яўляецца сапраўды нацыянальным культурным скарбам Беларусі.
   Шкада, але наяўнасць фотаапарата і вялікага жадання засняць фрэскі, не дае дазволу на фотаздымку ўнутры храма, таму ў мяне для вас ёсць два варыянты: спасылка на артыкул з вялікай колькасцю фотак і варыянт, дзе вы самі зганяеце у Полацк і асабіста агледзіце роспісы.

   Калі я быў у манастыры, мне пашчасціла ўбачыць фрагмент сцяны са знятай тынкоўкай.

Спаса-Праабражэнская царква.jpg

   Мяркуючы па асноўным муры, тэхніка стандартная для таго часу - вузкая плінфа змацаваная пластамі раствора (цэгла ў ніжняй часткі сцен, я думаю - сляды рэканструкцыі XIX стагоддзя)

   У 1167 годзе Еўфрасіння накіроўваецца паломнікам у Іерусалім праз Канстанцінопаль. Дасягнуўшы мэты пілігрымкі і пакланіўшыся Гробу Гасподняга, праз некалькі дзён Еўфрасіння захварэла і неўзабаве памерла. Першапачаткова Найсвяцейшая была пахавана ў Феадосіеўскім манастыры Іерусаліма, але ў 1187 годзе, пасля захопу горада мусульманамі, прах быў перанесены ў Кіева-Пячэрскую Лаўру, дзе знаходзіўся да пачатку ХХ стагоддзя.
    Лічыцца, што прычынай доўгага знаходжання мошчаў у Кіеве з'яўляюцца напружаныя палітычныя адносіны з Полацкам. У XIX стагоддзі палачане разгарнулі актыўную дзейнасць па пераносе праху ў Полацк і пасля мноства хадайніцтваў, асабіста імператарам Мікалаем 2-м падпісаны дазвол, па якім ў 1910 годзе мошчы даставілі ў Полацк.
    Да таго часу ў манастыры ўжо быў адкрыты новы ўмяшчальны Крыжаўздзвіжанскі сабор, дзе зараз і знаходзяцца мошчы.

Крыжаўздзвіжанскі сабор.jpg

   Храм быў пабудаваны ў 1893-1897 гг. ў візантыйскім стылі.

Крыжаўздзвіжанскі сабор.jpg

   Распавядаючы пра манастыр, нельга не згадаць пра згубленую рэліквію - крыж Еўфрасінні Полацкай. Ён быў выраблены па замове Еўфрасінні майстрам Лазарам Богшай у 1161 годзе з кіпарыса, упрыгожаны каштоўнасцямі і утрымліваў рэлігійныя рэліквіі, у тым ліку фрагмент Крыжа Хрыстовага з кроплямі яго крыві. У крыжа Еўфрасінні доўгая і заблытаная гісторыя - рэліквія некалькі разоў выкрадалася з манастыра і вярталася на сваё месца, але заўсёды была глыбока ўшанаваная нашымі продкамі. След крыжа губляецца ў Магілёве, дзе ён выстаўляўся ў складзе музейнай экспазіцыі ў самым пачатку апошняй вайны. Для беларусаў крыж Еўфрасінні - адзін з нацыянальных сімвалаў і яго згуба - незаменная духоўная страта. Пошукі працягваюцца да гэтага часу, у тым ліку і па лініі ААН.

   Таксама да манастыра адносіцца "цёплая" царква 1-й паловы XIX стагоддзя...

Царква св. Еўфрасінні.jpg

   ...і брама-званіца з манастырскімі карпусамі.

Брама-званіца.jpg

   У манастыры заўсёды шматлюдна, магчыма таму, што Еўфрасіння Полацкая лічыцца заступніцай зямлі Беларускай і аднолькава ўшанаваная як у праваслаўі, так і ў каталіцтве. Незвычайным было тое, што на тэрыторыі мы таксама сустрэлі шмат турыстаў азіяцкай знешнасці, што для Полацка, несумненна, не тыпова. Пяцідзённы бязвіз у дзеянні становіцца ўсё больш прыкметным.

   З манастыра мы адправіліся ў цэнтр Полацка, дзе я спачатку вырашыў падрабязна азнаёміцца з комплексам полацкага езуіцкага калегіума.

У серыі артыкулаў пра Вільню я распавядаў аб Віленскім універсітэце, які першапачаткова быў першым езуіцкім калегіумам ў ВКЛ. Полацк быў другім горадам у княстве, дзе была заснавана езуіцкая школа, дарэчы таксама па ўказе Стэфана Баторыя, а першым рэктарам новай навучальнай установы таксама Пётр Скарга.

   Першапачаткова будынкі былі драўлянымі, але з-за пажараў карпусы рэгулярна даводзілася аднаўляць і ў другой палове ХVIII стагоддзя пачалося ўзвядзенне грандыёзнага ансамбля ў камені.

Езуіцкі калегіум.jpg
Заходняе крыло першага каменнага корпуса, цяпер - галоўны фасад ПДУ.

   Спачатку быў узведзены трохпавярховы, Е-падобны ў плане корпус. (Пазначаны на схеме ніжэй цёмна-зялёным і цёмна-чырвоным колерам)



   Новы каменны калегіум з усходу звязваўся з касцёлам св. Стэфана (на схеме пазначаны блакітным колерам).

Езуіцкі калегіум.jpg
Паўднёвая частка першага каменнага корпуса.

Езуіцкі калегіум.jpg
Паўночнае крыло першага каменнага корпуса (сярэдні ашэстак «Е»).

   З часам, пашыраючыся, калегіуму патрабаваліся новыя плошчы і у 1778 годзе будуецца яшчэ адзін корпус (фіялетавы на схеме), а ў 1780 годзе да наведвання Кацярыны II будынкамі зачыняюцца унутраныя панадворкі (светла-зялёныя і светла-аранжавыя будынкі на схеме).

Езуіцкі калегіум.jpg
Паўночная частка комплексу (светла зялёная на схеме)

Я таксама хацеў патрапіць унутр адзінага захаванага панадворка універсітэта і, акрамя іншага, зірнуць на адноўлены старадаўні калодзеж, (пазначаны на схеме) але, на жаль, брама была перагароджана, а весніцы зачынены на замок.

   Нарэшце, у 1785 годзе узводзіцца корпус, які канчаткова звязвае ўсе будынкі ансамбля (жоўты на схеме)
   У 1812 годзе калегіум пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію і навучальная ўстанова фактычна становіцца першым (на тэрыторыі сучаснай Беларусі) ВНУ. У той час Полацк з'яўляўся своеасаблівай «сталіцай» ордэна езуітаў і планавалася грандыёзная рэканструкцыя карпусоў, пасля якой па плане Габрыэля Грубера калегіюм павінен быў выглядаць так:



   Але на жаль ў 1820 годзе езуіты трапляюць у няміласць і іх высылаюць з дзяржавы, а акадэмію да 1830 г. аддаюць ордэну Піяраў, у якіх пасля чарговага паўстання ўстанову таксама адбіраюць і пазней тут размяшчаюць Полацкі кадэцкі корпус.

Гаспадарчыя пабудовы пры езуіцкім калегіуме.jpg

Гаспадарчыя пабудовы пры езуіцкім калегіуме.jpg
Гаспадарчыя пабудовы на тэрыторыі, ўзведзеныя для кадэцкай вучэльні ў сярэдзіне XIX стагоддзя (на схеме не пазначаныя).

   ХХ стагоддзе апынулася бязлітасным да вялізнага комплексу: пасля вайны аднаўленне «езуіцкіх муроў» лічаць нерэнтабэльным і касцёл св. Стэфана разам з часткай карпусоў падрываюць, а на іх месцы ўзводзяць шматкватэрны жылы дом.

Езуіцкі калегіум.jpg
Усходні край першага каменнага корпуса (чырвоным афарбавана месца, куды раней прымыкала ўсходняе крыло (На схеме пазначана цёмна-чырвоным)

   Ад старажытнага ансамбля да нашых дзён застаюцца толькі заходнія пабудовы (цёмна-; і светла-зялёныя на схеме), а таксама корпус і прыбудова ХХ стагоддзя (сіні прастакутнік і квадрат на схеме)

Езуіцкі калегіум.jpg
Самае паўднёвае крыло комплексу (пазначана на схеме ў выглядзе сіняга прамавугольніка)

   У пачатку 2000-х захаваныя пабудовы былі канчаткова закінутыя і нават часткова руйнаваныя, а ў цэнтры буйнога горада пытанне аб іх татальным зносе, мяркую, было вельмі актуальным.
   Другое жыццё рэшткі комплексу атрымалі, калі ў 2005 годзе іх перадалі Полацкаму Дзяржаўнаму універсітэту і пачалі рэстаўрацыю. На базе будынкаў калегіума размясцілі гістарычны факультэт, інфармацыйных тэхналогій і музей, а яго гісторыю ў сімвалічнай форме ўключылі ў гісторыю ПДУ. На мой погляд гэта выдатна, таму што ў гэтым адчуваецца традыцыяналізм, павага да сваёй гісторыі і яе сувязь з сучаснасцю.

Немалую цікавасць выклікае і выяўленая пад калегіумам падчас рэканструкцыі дрэнажная сістэма, якая хутчэй пацвярджае міф аб наяўнасці вялікай сеткі падземных хадоў у Полацку.

   Наступным па плане быў Сафійскі сабор, які знаходзіцца зусім непадалёк.

Сафійскі сабор.jpg

   Першы каменны храм на гэтым месцы быў пабудаваны прыкладна ў сярэдзіне XI стагоддзя ў імкненні Полацка заявіць аб сваёй незалежнасці перад Кіевам. У цэлым сабор быў падобны да Кіеўскай Сафіі. Да XVIII стагоддзя храм некалькі разоў падвяргаўся частковым разбурэнням, але хутка аднаўляўся. З 1596 году належаў уніятам.
   Фатальнае здарэнне для Полацкай Сафіі адбылося падчас паўночнай вайны. Існуе некалькі версій развіцця падзей вечарам 11 ліпеня 1705 года, але вынікам стала забойства Пятром І (або яго світай) чатырох манахаў-базыльянаў. Пасля гэтага расійскі манарх прапанаваў храм праваслаўнай парафіі Полацка, але яны адмовіліся яго прыняць і ў саборы расійскімі войскамі быў размешчаны парахавы склад. 1 мая 1710 года склад выбухнуў, практычна цалкам разбурыўшы храм: ад старажытнай Сафіі застаюцца толькі руіны апсіды, падмуркі сцен і асновы апорных слупоў.
   У 1738 - 1750 гг. Фларыян Грабніцкі узводзіць на месцы старажытнага храма двухвежавую трохнефавую базіліку ў барачным стылі.

Сафійскі сабор.jpg

   Дзякуючы задумцы архітэктара Іагана Глаўбіца былі захаваны і ўключаны ў склад новай Сафіі руіны старога сабора. Іаган Крыстаф пераарыентаваў галоўную вось Сафіі папярок восі храма XI стагоддзя і руіны апсіды з усходу з падмуркамі заходняй сцяны вызначылі шырыню новага сабора. Разам з сіметрычнай заходняй прыбудовай старая апсіда зараз ўяўляе сабой трансэпт новай Сафіі.

Сафійскі сабор.jpg
Зараз гэтая апсіда лічыцца найстарэйшым каменным будынкам на тэрыторыі Беларусі.

   Сабор цяпер з'яўляецца музеем, таму для наведвання неабходна набыць уваходны білет - 5 р.
   Ўнутры выдатна захавалася пышнае барачнае афармленне, але ў сувязі з адсутнасцю абразоў адчуваецца некаторая няскончанасць, прахалода інтэр'еру.



   На хорах ў 1985 годзе быў усталяваны арган. У саборы рэгулярна праводзяцца канцэрты і фестывалі арганнай і камернай музыкі

Сафійскі сабор, Інтэр'ер.jpg

   Музейнымі экспанатамі сабора з'яўляецца наглядная гісторыя старой Сафіі.

Рэшткі муроў старажытнага Сафійскага сабора.jpg

   Спусціўшыся ў падполле сабора агляду адкрываюцца асновы старажытнага храма. Падмуркі Сафійскага сабора дасканала вывучаны і яго памеры на паверхні пэўна вядомыя, загадкай застаецца толькі заканчэнне старога храма. Па найбольш прынятай сярод навукоўцаў версіі старажытная Сафія выглядала прыкладна так:


   Матэрыялы і тэхніка муроўкі такія ж як у апісанай вышэй Спаса-Праабражэнскай царквы.

Рэшткі муроў старажытнага Сафійскага сабора.jpg

   Від на старую апсіды знутры:

Інтэр'ер усходняй апсіды Сафійскага сабора.jpg

   Тут таксама часткова аголены стары мур з фрагментамі фрэскавага роспісу:

Муры апсіды старажытнага Сафійскага сабора.jpg

   Падлога ў апсідзе выкладзена пліткай:

Муры і падлога апсіды старажытнага Сафійскага сабора.jpg
Дакладна не ўпэўнены, але мяркую, што гэта рэканструкцыя падлогі старажытнай Сафіі.

   Выбудаваны Глаўбіцам архітэктурны ансамбль акрамя сабора уключаў яшчэ і велізарны манастырскі комплекс базыльянаў на захад ад храма.



   На жаль, манастыр не захаваўся. Па старых фотаздымках, ужо ў пачатку ХХ стагоддзя карпусы выглядаюць закінутымі.

   Пасля таго, як агледзелі сабор, мы вырашылі азнаёміцца з іншымі славутасцямі Полацка і спусціліся на Ніжне-Пакроўскую вуліцу.
   Спачатку падышлі да Лютэранскай кірхі 1888 года, дзе зараз знаходзіцца краязнаўчы музей:

Лютэранская кірха.jpg

   У працягу вуліцы...

вуліца Ніжне-Пакроўская.jpg

   ...справа бачныя карпусы кляштара францысканцаў канца XVIII стагоддзя, а далей - карпусы праваслаўнага Богаяўленскага манастыра пабудовы 1780-1788 гг., за якімі хаваецца Богаяўленскі сабор.
   Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя.

Богаяўленскі сабор.jpg
Размяшчэнне сабора не дазваляе зрабіць добрае фота галоўнага фасада, таму, як і большасць фатографаў, я выканаў яго з боку апсіды.

   Богаяўленскі манастыр знакаміты тым, што ў ім пачаў свой шлях выкладчыка Сімяон Полацкі. Зараз у карпусах размешчаны адзіны ў краіне музей беларускага кнігадрукавання.

   Недалёка ад манастыра знаходзіцца мураваны жылы дом канца XVII стагоддзя...

Домік Пятра І.jpg

   ...цяпер званы «Домік Пятра І» у сувязі з распаўсюджанай, але не пацверджанай версіяй, што ў 1705 годзе ў ім жыў расійскі манарх.

   Адсюль мы падняліся на праспект Францыска Скарыны і накіраваліся да «Параднай плошчы» або плошчы "Свабоды".
   У пачатку ХІХ стагоддзя тут канчаткова склаўся велічны ансамбль культавых і адміністрацыйных будынкаў. Дамінантай плошчы быў езуіцкі касцёл св. Стэфана з комплексам ўжо падрабязна апісанага вышэй калегіума.



   Але пры савецкай уладзе вырашылі, што лепшым упрыгожваннем будзе шматкватэрны жылы дом.

Плошча Свабоды.jpg

   Злева ад яго на паўднёвай баку захаваўся губернатарскі палац...

Губернатарскі палац.jpg

   ...і будынак духоўнага вучылішча.

Духоўнае вучылішча.jpg

   Паўночны бок плошчы займаюць дом каменданта, будынак земскага суда...

Дом каменданта, Будынак земскага суда.jpg

   ...і да 1949 года "займаў» касцёл і кляштар Дамінікан.



   З усходу ў плошчу, як і цяпер, ўпіралася вуліца.
   У цэнтры плошчы ў 1850 годзе быў усталяваны помнік вайне 1812 года, які ў 1932 быў знесены, а ў 2010 адноўлены.

Помнік вайне 1812 года.jpg
На будынку ззаду помніка намалявана як бы адлюстраванне знесенага езуіцкага касцёла.
Займальна, што пры ўсталёўцы помніка была выяўлена «капсула часу».

   Варта пагуляць і па іншых сумежных да плошчы вуліцах: у горадзе захавалася не мала прывабнай правінцыйнай старой забудовы:

Забудова.jpg

Забудова.jpg

   На гэтым запланаваны аб'ём падарожжа амаль цалкам падышоў да канца, я толькі заскочыў у яшчэ адно мястэчка.
   Амаль насупраць Богаяўленскага манастыра на процілеглым беразе Дзвіны і па сённяшні дзень застаюцца сляды камяніц кляштара бернардзінцаў сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Кляштар бернардынаў.jpg

   Манастырскія карпусы захаваліся амаль у поўным аб'ёме, але зірнуць на іх з блізкай адлегласці не вельмі зручна ў сувязі з размяшчэннем на іх базе мясцовай псыхіятрычнай бальніцы, а вось руіны касцёла знаходзяцца па-за тэрыторыяй і свабодна даступныя агляду.

Кляштар бернардынаў, руіны Касцёла Панны Марыі.jpg

   У гэтых зарослых хмызняком бясформенных руінах на жаль ужо не пазнаць барачны храм XVIII стагоддзя і, як ясна з усёй справаздачы - гэта не адзіная страта горада. У ХХ стагоддзі Полацк пазбавілі цэлага шэрагу архітэктурных помнікаў, якія фармавалі непаўторны сілуэт горада і акрамя ўжо названых вышэй, адзначу яшчэ манастыр на левым беразе Дзвіны. Абіцель з каменнымі храмамі знаходзілася ў прыгарадзе Бельчыцы. Чатыры царквы пабудовы перыяду XI - XII стагоддзяў былі яшчэ адным каштоўным прыкладам Полацкай будаўнічай школы, але былі канчаткова згубленыя ў невуцкай першай палове ХХ стагоддзя з-за нядбайных адносін да гістарычнай спадчыны.
   Але ўсё ж гэты горад і дагэтуль застаецца каштоўнай спадчынай Беларусі, з'яўляючыся калыскай дзяржаўнасці краіны і "малой радзімай" многіх знакамітых суайчыннікаў. Нягледзячы на некаторыя страты, у Полацку захаваліся значныя архітэктурныя помнікі і горад вельмі папулярны сярод унутраных турыстаў, а цяпер яго пачалі наведваць і знешнія вандроўнікі. Акрамя знакамітых храмавых комплексаў у Полацку безліч помнікаў, цікавых малых архітэктурных формаў і памятных таблiчак. У мяне абыйсці іх планаў не было, таму сюды выкладу спасылкі на найбольш адметныя з іх: Помнік Еўфрасінні Полацкай, Сімяону Полацкаму, Францыску Скарыну, Усяславу Чарадзею, літары "Ў", памятны знак Полацк - Геаграфічны цэнтр Еўропы, а таксама «Барысаў камень». Полацк можа пахваліцца і вялікай колькасцю розных тэматычных музеяў: Дзіцячы музей, Музей традыцыйнага ткацтва, Прыродна-экалагічны музей і іншыя, некаторыя з якіх я ўжо зазначаў вышэй. Хочацца верыць, што ўсё ж такі нейкія згубленыя ансамблі будуць адноўлены і Полацк з часам стане яшчэ больш прывабны для турыстаў.

Posts from This Journal by “Беларусь” Tag

  • Як будаваўся Мінск. Частка 1.

    Прадмова: Не памятаю, каб я раней пісаў артыкулы пра архітэктуру выключна ХХ стагоддзя. Мяне з дзяцінства атачалі тыповыя будынкі савецкай…

  • Таямнічы палац

    Калі вы чыталі некаторыя мае папярэднія рэпартажы аб падарожжах па Беларусі, то маглі заўважыць, што некалькі разоў на год я бываю ў Гродна. У…

  • Шчучын мімаходзь

    Днямі праязджаў міма Шчучына і ў запасе ў мяне быў лішні час, таму я вырашыў заехаць на гадзінку і паглядзець чым багата мястэчка. З тутэйшых…

Comments

( 3 каментара — Пракаментаваць )
livejournal
Jul. 15th, 2017 08:34 pm (UTC)
Здравствуйте! Ваша запись попала в топ-25 популярных записей LiveJournal Беларуси! Подробнее о рейтинге читайте в Справке.
baltarusis
Jul. 16th, 2017 06:43 am (UTC)
Дзякуй Вам за пост! Мой родны горад, ды калегіум. Калі я там вучыўся аднаўленне было зроблена толькі на палову. Зараз і не пазнаць. Асабліва гадзіннік на галоўным корпусе. А факультэтаў там 2: гісторыка-філалагічны ды інфармацыйных тэхналогій.
ales_matsesha
Jul. 16th, 2017 09:23 am (UTC)
Калі Ласка! А пра факультэты - добра, зараз выпраўлю.
( 3 каментара — Пракаментаваць )

Каляндар

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     
Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel