ales_matsesha (ales_matsesha) wrote,
ales_matsesha
ales_matsesha

Малая радзіма Льва Сапегі - Астроўна.

   Даўно хацеў як-небудзь наведаць вёсачку Астроўна, што знаходзіцца недалёка ад Віцебска ў Бешанковіцкім раёне. Мястэчка невялікае і асабіста мяне вабіла тым, што менавіта дзесьці тут нарадзіўся вялікі палітычны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега.

Астроўна.jpg

  Дзе-нідзе ў інтэрнэце я нават знаходзіў інфармацыю, што ў Астроўна захавалася ўязная алея ў тую самую сядзібу і частка сцяны дома Вялікага Гетмана і мне вельмі хацелася зірнуць хоць бы на гэтых нямых сведкаў той эпохі. Выдаўся зручны выпадак - па асабістай справе спатрэбілася з'ездзіць у Віцебск і некалькі гадзін я вырашыў вылучыць на гэтую мэту.
   Па дарозе «бакавым ветрам» занесла ў вёску Арэхаўск Аршанскага раёна, дзе я сфатаграфаваў драўляную Траецкую царкву.

Арэхаўск Траецкая царква 1832-38 гг..jpg

   Храм не зусім звычайнай формы быў пабудаваны ў 1832-38 гг.

Арэхаўск Траецкая царква 1832-38 гг..jpg

   Пасля мы паехалі ў Віцебск і ўжо адтуль, я адлучыўся на пару гадзін у Астроўна.
   Як толькі прыбыў на месца, спачатку адшукаў стары касцёл XVI стагоддзя, што быў узведзены, як лічыцца, па ўказанні караля Жыгімонта II Аўгуста ў гонар перамогі войскаў ВКЛ пад Оршай і Чашнікамі над арміяй Маскоўскай дзяржавы ў 1564 г.

Астроўна Касцёл XVI ст.jpg
Зыходзячы з датыроўкі, храм будаваўся ў гады жыцця Льва Сапегі і не выключана, што гетман мог наведаць яго.

   Як мяркуецца, спярша касцёл быў пабудаваны ў гатычным стылі, але пазней, пасля разбурэнняў падчас войнаў, быў перабудаваны ў рэнесансным, што і цяпер у цэлым не цяжка разгледзець.

Астроўна Касцёл XVI ст.jpg

   Забаўнай адметнасцю храма з'яўляецца першапачатковая арыентацыя апсідай на захад. У адрозненне ад праваслаўнай царквы, у каталіцтве не так строга пры пабудове касцёлаў прытрымліваліся напрамкі алтара на ўсход. Часцей за ўсё арыентацыя галоўнай восі была абумоўлена наяўнай горадабудаўнічай сітуацыяй і апсіда магла размяшчацца ў любым кірунку. Але тут, у сельскай мясцовасці, прастору хапала з лішкам і архітэктар мог размясціць храм як заўгодна, аднак, зыходзячы з нейкіх да гэтага часу не ясных матываў, ён быў пабудаваны апсідай на захад.

Астроўна Касцёл XVI ст.jpg
Былы галоўны ўваход.

   У XVII стагоддзі пры храме заснавалі дамініканскі манастыр, а ў XVIII касцёл зведаў новую перабудову, пры якой здабыў некаторыя рысы класіцызму.

Астроўна Касцёл XVI ст.jpg

   Пасля паўстання 1863-1864 гг. гэты касцёл, як і многія іншыя ў Беларусі, быў перададзены праваслаўным. Змена хрысціянскай плыні ў сценах храма прывяла да пераарыентацыі галоўнай восі: у апсідзе прасеклі новы ўваход, а стары заклалі. Паралельна будынак атрымаў некалькі элементаў рэтраспектыўна-рускага стылю.

Астроўна Касцёл XVI ст. (Траецкая царква).jpg

   У савецкі час царква паступова прыходзіла ў заняпад. Надзею на новае жыццё храм атрымаў у апошняе дзесяцігоддзе - яго пачаў паступова рамантаваць сваімі сіламі мясцовы настаяцель.

Астроўна Касцёл XVI ст. (Траецкая царква).jpg

   На мой погляд, гэты храм шмат у чым звязаны з цэрквамі ў Чарэе і Белай царквы, што я наведваў ў 2014 годзе - час пабудовы практычна супадае, размешчаны яны ў адным рэгіёне і таксама неяк звязаны з імем Льва Сапегі. Не можа не радаваць, што цяпер за будынкам ёсць нагляд.
   Калі пагуляць па хмызняку на паўднёвы захад ад храма, то яшчэ можна натрапіць на руіны былой школы кан. XIX - пач. ХХ стст.

Астроўна Школа XIX-XX ст..jpg

   Пры поглядзе з гэтага боку, трохпавярховыя руіны выглядаюць нават некалькі унушальна, але калі абыйсці з другога - становіцца ясна, што хутчэй за ўсё, гэта апошнія гады іх існавання.

Астроўна Школа XIX-XX ст..jpg

   Натхнёны і ўпэўнены ва ўласных сілах я паспрабаваў адшукаць сляды сядзібы Сапегаў самастойна, але на меркаванай мясцовасці дрэвы апынуліся занадта маладымі, каб адносіць іх нават да XIX стагоддзя.

Так не хацелася, але ўсё-ткі прыйшлося прасіць дапамогі ў мясцовых.
Не ў крыўду будзе каму-небудзь сказана, але часцей за ўсё ў маіх падарожжах я заўважаў, што ў сельскай мясцовасці ў большасці выпадкаў жыхары вельмі насцярожана ставяцца да нетутэйшага чалавека з фотаапаратам, што распытвае пра старыя цэрквы, «панскія маёнткі», і іншыя старажытнасці, таму ў пачатку максімальна разлічваю на ўласныя сілы.

   Праз два чалавекі ў мяне атрымалася адшукаць мясцовага настаўніка гісторыі, які быў яшчэ і добрым краязнаўцам. Ён распавёў мне, (я перадаю сутнасць размовы коратка) што раней ужо навукоўцы з Мінска займаліся пошукамі і нават дзе-нідзе праводзіліся раскопкі, але дакладна ўсталяваць месца, дзе знаходзілася сядзіба, не ўдалося. Нават дакладна невядома, ці была яна ў самым Астроўна або размяшчалася дзесьці непадалёк. А тое, пра што я знайшоў інфармацыю ў інтэрнэце - гэта сляды сядзібы расейскіх дваранаў, што знаходзілася ў паўднёва-заходняй частцы Астроўна - выказаў меркаванне ён. Толькі засталіся руіны не дома, а карчмы.
   Я зноў вярнуўся туды і ў згаданым месцы ў зарасніку выявіў руіны паўпадвальнага памяшкання.

Астроўна Руіны карчмы.jpg

   Калі абышоў вакол, знайшоў і іншыя ракурсы з аркамі і слядамі ад абрынутых скляпенняў на сценах.

Астроўна Руіны карчмы.jpg

   На гэтым я скончыў свае пошукі і разгарнуўся назад у Віцебск.
   Шкада, што на дадзены момант невядома канкрэтнае месца, дзе знаходзіўся дом Льва Сапегі, але ўжо будучы ў самым Астроўна я адчуваў прыліў натхнення ад таго, што пабываў тут. Пейзажы тут прыгожыя - мястэчка амаль цалкам акружае вялікае возера няправільнай формы, а берагі ўсюды мяняюць вышыню ад спадзістых да высокіх узгоркаў з узлескамі на вяршынях. Дзень быў гарачы і падыходы да вады былі запоўненыя адпачывальнікамі, але я як-то паленаваўся выкупацца і «пстрыкнуўшы» возера, накіраваўся назад.

Астроўна Возера.jpg
Tags: Асобы, Беларусь, Касцелы, Падарожжа, Руіны, Цэрквы
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 2 comments